Уступнае слова

Бясьпека як працэс.
Давер і надзейнасьць

  1. АБАРОНА НОСЬБІТАЎ ІНФАРМАЦЫІ
    І СРОДКАЎ КАМУНІКАЦЫЯЎ
  2. ВЫКЛІКІ І СЬЛЕДЗТВА
  3. БЯСЬПЕКА ПАМЯШКАНЬНЯ
  4. АБМЕЖАВАНЬНЕ ВОЛІ І ЗАТРЫМАНЬНЕ
  5. ПРАВАКАЦЫІ

МАЛЫ КАНСЬПІРАТАР


2. ВЫКЛІКІ І СЬЛЕДЗТВА

Афіцыйныя і неафіцыйныя выклікі

Адзіны афіцыйны спосаб выклікаць грамадзяніна кудысьці - гэта ўручыць чалавеку асабіста пад подпіс позву, у якой павінна быць пазначана, хто і ў якой якасьці выклікаецца, да каго, у які час і па якім адрасе трэба зьявіцца, а таксама растлумача ныя наступствы няяўкі без паважных прычынаў. Выклік на допыт у якасьці сьведкі асобы, што не дасягнула 16 гадоў, праводзіцца празь яго бацькоў ці іншых законных прадстаўнікоў. Калі дадзеная асоба выклікаецца ў якасьці абвінавачанага і падазрона га, выклік праводзіцца ў агульным парадку. Позвай чалавека можна выклікаць у міліцыю, пракуратуру, суд, Камітэт дзяржаўнай бясьпекі, падатковую інспэкцыю і іншыя органы.

Але трэба памятаць, што позвы вельмі рэдка ўручаюцца сапраўды асабіста і пад подпіс. У тым выпадку калі позву вам кінулі ў паштовую скрыню - яна цалкам верагодна можа зьнікнуць, і на гэта можна спасылацца, калі вы не гатовыя йсьці па выкліку альбо проста ня хочаце йсьці. Таксама і тую позву, якая была перададзеная праз сваякоў, можна праігнараваць, спаслаўшыся на тое, што сваяк «забыўся» перадаць вам гэтую важную паперу. Пры выкліках праз тэлефон відавочна адсутнічае ўпэўненасьць, што з вамі размаўляе менавіта тая службовая асоба - а можа быць, гэта звычайныя тэлефонныя хуліганы? Такім зацягваньнем справы можна выйграць час, каб падрыхтавацца да «сустрэчы», атрымаць кансультацыю праваабронцаў, узгадніць свае сьведчаньні з таварышамі.

Зразумела, калі позва перададзеная праз адміністрацыю па месцы працы альбо вучобы, праігнараваць яе цяжэй, - вырашайце самі...

Як бы там ні было, наступствам няяўкі па позьве можа быць толькі гэтак званы «прывод» . «прывод» азначае, што за вамі прыйдзе міліцыянт і адвядзе (адвязе) да службовай асобы, якой спатрэбілася з вамі паразмаўляць. Гэтага баяцца ня трэба - аніякіх нэгатыўных наступстваў «прывод» ня цягне. Выкладзенае справядліва нават для позваў
у суд, акрамя тых выпадкаў, калі яны ўручаюцца асабіста пад подпіс - у апошнім выпадку судзьдзя можа расцаніць няяўку як праяву непавагі да суду (адказнасьць - штраф альбо арышт на тэрмін да 15 ночаў).

Аднак выкладзенае не датычыцца падазронага і абвінавачанага па крымінальнай справе - ён адназначна абавязаны зьяўляцца па выкліках органу, што вядзе крымінальную справу, дзеля дачы сьведчаньняў (але пры гэтым мае права адмовіцца ад сьведчаньняў). У адваротным выпадку ў дачыненьні да падазронага альбо абвінавачанага можа быць ужытая мера стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту, хатняга арышту, падпіскі пра нявыезд.

Усе выклікі на «размовы», зробленыя без уручэньня позвы, можна ігнараваць як «неафіцыйныя». Таксама мэтазгодна паведамляць пра іх як мага шырэйшаму колу знаёмых ды журналістам.

Што рабіць, калі прыносяць позву дахаты?

  1. Не панікаваць - нічога страшнага не адбываецца.
  2. А хіба вы дома? Дзьверы можа адчыніць ваш брат, сястра, іншы сваяк, і паабяцаць абавязкова перадаць позву адрасату. Таксама яны маюць права адмовіцца атрымліваць для вас позву і адмовіцца расьпісвацца за яе, спаслаўшыся на немагчымасьць перадаць яе вам.
  3. Магчыма, варта ўзяць позву і расьпісацца ў атрыманьні… чужым подпісам? пасьля можна адмаўляць, што вы сапраўды атрымалі гэтую позву.
  4. Зразумела, можна папросту ўзяць позву, расьпісацца, а ўжо потым вырашаць, ці трэба зьяўляцца па гэтым выкліку.

Што рабіць, калі прыйшла позва?

Трэба стварыць сабе запас часу.

  1. Вырашыць, ці можна праігнараваць гэтую позву.
  2. Патэлефанаваць службовай асобе, што вас выклікае, і дамовіцца на візыт у іншы дзень, спасылаючыся на любыя паважныя абставіны - ад'езд у іншы горад, напрыклад, альбо камандыроўку. Калі не атрымліваецца перанесьці сустрэчу - трэба праз тэлефон высьветліць усе абставіны справы, ваш статус.
  3. Паспрабаваць узяць пацьверджаньне хваробы.

Стварыўшы такім чынам запас часу, трэба неадкладна зьвязацца з таварышамі альбо выйсьці на праваабарончыя арганізацыі - можа, хто чаго ведае, падскажа. Магчыма, да гэтага сьледчага ўжо выклікалі людзей з вашага кола - можна прыблізна вылічыць, з чым зьвязаная гэткая асаблівая ўвага да вашай пэрсоны. У любым выпадку варта пракансультавацца ў знаёмага юрыста, адваката альбо ў праваабарон цаў. Натуральна, позва можа зьяўляцца сьведчаньнем таго, што міліцыя альбо спэцслужбы вырашылі шчыльна заняцца вашай справай - таму, калі вы займаецеся нелегальнай дзейнасьцю, вам трэба прыхаваць усе яе сьляды (сьпісы сяброў арганізацыі, дакумэнты, пляны) і на нейкі час прыпыніць гэткую дзейнасьць. Такім чынам, атрыманьне позвы можа быць карыснай перасьцярогай.

памятайце, у сувязі з атрыманай позвай у вас заўжды застаецца варыянт проста яе праігнараваць. За няяўку найвялікшым наступствам можа быць толькі «прывод» (калі вы не абвінавачаны ці падазроны).

Непаўналетняму трэба ісьці на сустрэчу зь сьледчым толькі з бацькамі. Калі вы сапраўды ня маеце магчымасьці прыйсьці на допыт з паважанай прычыны - абавязкова паведамце пра гэта таму, хто вас выклікаў.

Што рабіць, калі выклікаюць на «размову»?

У першую чаргу трэба высьветліць, хто і ў якую ўстанову вас выклікае. На «размову» (не на допыт - на «размову»!) сьледчы выклікаць ня мае права (пракурор такое права мае). Такі выклік з боку сьледчага можна і трэба ігнараваць. Да пракурора ісьці трэба, але нават калі вы да яго ня пойдзеце, вам анічога не пагражае, акрамя «прыводу». Але тое, што вы зьявіліся да пракурора, не абавязвае вас даваць тлумачэньні супраць сябе. Вы можаце зьявіцца па выкліку пракурора (альбо нават калі вас прывядуць да яго), але размаўляць зь ім неабавязкова, вы заўжды можаце спаслацца на прэзумпцыю невінаватасьці, адмовіцца адказваць на ягоныя пытаньні і не даваць тлумачэньняў. Спасылка на прэзумпцыю невінаватасьці выглядае наступным чынам: «У адпаведнасьці з артыкулам 27 Канстытуцыі, я адмаўляюся адказваць на гэтае пытаньне».

Больш за тое, удзельнік «размовы» - ня сьведка, і таму ён не нясе адказнасьці нават за дачу наўмысна ілжывых сьведчаньняў. Зразумела, у такім фармаце можна і бессаромна хлусіць, але лепей за ўсё - не казаць зусім анічога, папросту маўчаць, спаслаўшыся на прэзумпцыю невінаватасьці.

Бывае, што падчас размовы чыноўнік (сьледчы, пракурор) вядзе запіс вашых словаў і пасьля прапануе падпісаць сьведчаньні. Ад гэтага можна адмовіцца, паколькі працэдурна гэтае дзеяньне не зьяўляецца допытам.

І таксама лепей за ўсё адмовіцца ад дачы г. зв. «пісьмовых тлумачэньняў» у міліцыі, у начальства на вытворчасьці альбо па месцы вучобы. Гэтыя дакумэнты толькі дапамогуць пасьля абвінаваціць вас. Любыя законныя сьледчыя дзеяньні павінны афармляцца пратаколамі, і толькі ў іх трэба рабіць свае заўвагі альбо рабіць адзнаку на прыкладаньне пісьмовых тлумачэньняў.

Выклік на «размову» зьяўляецца сыгналам, што ў «праваахоўнікаў» паўстала цікавасьць да вашай сьціплай асобы. Варта вызваліць вашае жытло ад усіх забароненых, кампраматных рэчаў і ад нелегальнай літаратуры.

пракуратура мае права выносіць афіцыйныя папярэджаньні пра недапушчаль насьць проціпраўных дзеяньняў - гэтае паўнамоцтва часта выкарыстоўваецца ў дачыненьні да палітычных актывістаў. Рэальна гэтае папярэджаньне ня ёсьць нейкай істотнай санкцыяй - гэта сапраўды папярэджаньне, папярэджаньне пра тое, што вам варта быць больш асьцярожнымі ў вашай дзейнасьці.

Таксама ў выпадку «размовы» трэба ўжо псыхалягічна падрыхтавацца да таго, што ў канцы «размовы» (таксама як і ў канцы допыту) вам можа быць прад'яўленае абвінавачаньне і вас могуць узяць пад варту. Абавязкова папярэдзьце таварышаў, куды вы ідзяце.

Што рабіць, калі выклікаюць праз тэлефон?

З выклікаміі праз тэлефон можна паводзіць сябе як з звычайнымі тэлефоннымі хуліганамі - можна проста кінуць слухаўку і адключыць тэлефон, адмовіцца размаўляць з «тэлефонным» хуліганам. Заўжды можна сказаць: «Канчай жартаваць, ніякая ты не пракуратура, я цябе пазнаў...»

Але пасьля гэтага варта чакаць позвы альбо нават візыту міліцыянтаў. Таму на выклік праз тэлефон лепей за ўсё рэагаваць не візытам да сьледчага альбо пракурора, а прыхаваньнем сваёй нелегальнай дзейнасьці і падрыхтоўкай да больш шчыльных кантактаў з «праваахоўнымі» органамі.

Што рабіць, калі прапануюць супрацоўнічаць з КДБ?

  1. Ветліва, але цьвёрда адмовіцца ад гэткай прапановы. Калі той, хто робіць гэткую прапанову, не называецца альбо называецца ня цалкам (часта яны кажуць толькі імя і імя па-бацьку, бяз прозьвішча і пасады) - трэба патрабаваць паказу пасьведчаньня.
  2. Абавязкова агучыць гэты факт - кадэбэшнікі галоснасьці ня любяць і нават баяцца яе. Калі вас «нефармальна» запрашаюць на сустрэчы з КДБ і просяць не казаць пра гэта нікому - трэба казаць, што вы ўжо распаўсюдзілі зьвесткі пра гэта ўсім знаёмым і нават пасьпелі патэлефанаваць журналістам (назавіце любыя некалькі незалежных альбо замежных выданьняў, радыё «Маяк», «ВВС» альбо «Свабода»).
  3. Будзьце гатовыя, што вас паспрабуюць купіць (матэрыяльныя выгоды, прасоўваньне па службе і нават... удалая кар'ера ў вашай арганізацыі). Не прымайце: адмыцца ж ад такога супрацоўніцтва немагчыма. Дарэчы, гэтыя «бонусы» - на 99.9% хлусьня.
  4. Калі на вас пачынаюць ціснуць (шантаж па месцы працы, вучобы, пагрозы сваякам) - трэба адказваць скліканьнем адмысловай прэс-канфэрэнцыі з нагоды ціску з боку КДБ, а таксама падачай скаргаў у пракуратуру і той жа КДБ. Ціску па месцы працы альбо па месцы вучобы супраціўляцца псыхалягічна цяжка, але неабходна.
  5. Не падпісваць аніякіх папераў пра згоду на супрацоўніцтва альбо інфармаваньне.
  6. Пасьля гэтага варта падрыхтавацца да іншых захадаў з боку спэцслужбаў у адносінах да вашай асобы.
  7. Ні ў якім разе не спрабаваць самастойна выканаць ролю Штырліца, агента вашай арганізацыі ў шэрагах КДБ. Выкарыстаньне гэткай тэхналёгіі зьліву несапраўднай інфармацыі ў спэцслужбы вельмі небясьпечнае нават пры добрым узроўні падрыхтоўкі яе ўдзельнікаў.

Як сябе паводзіць падчас допыту?

Весьці сябе з адчуваньнем уласнай годнасьці, быць ветлівым, але цьвёрдым і абавязкова - нешматслоўным (а яшчэ лепей - маўклівым). Ня трэба сьпяшацца з адказамі.

Допыт - гэта сьледчае дзеяньне, якое строга рэглямэнтаванае крымінальна-працэ суальным кодэксам. Як і кожнае іншае сьледчае дзеяньне (вобшук, вочная стаўка і інш.), допыт можа мець месца толькі пасьля ўзбуджэньня крымінальнай справы. Няма крымінальнай справы - няма і допыту.

Таму на пачатку размовы з прадстаўніком праваахоўных органаў трэба ветліва пацікавіцца: а ў чым, уласна кажучы, справа; у якасьці каго вы выкліканыя; ці ўзбуджаная крымінальная справа; як называецца гэтая «сустрэча» і тая «паперка», на якой ён пачынае нешта пісаць. Магчыма, ён дарма губляе час...

перад пачаткам допыту той, хто вядзе допыт, абавязаны растлумачыць вам вашыя правы. Калі ён проста зачытаў правы альбо пералічыў іх - не саромцеся патрабаваць больш падрабязнага тлумачэньня . Вы не юрыст, юрыдычных фармулёвак ня ведаеце і простага пераліку вам недастаткова.

Адзначым, што допыту могуць быць падвергнутыя як сьведкі, гэтак і сам абвінавачаны, падазроны, пацярпелы. Абвінавачаны і падазроны маюць права адмовіцца ад дачы сьведчаньняў. Пацярпелы і сьведка гэткага права ня маюць. Аднак і пацярпелы, і сьведка маюць права адмовіцца ад адказу на канкрэтнае пытаньне (але не ад сьведчаньняў увогуле!), калі лічаць, што дача падобных сьведчаньняў можа быць скіраваная супраць іх асабіста, супраць чальцоў іх сям'і і блізкіх сваякоў (чальцы сям'і - усе сваякі, непрацаздольныя ўтрыманцы і іншыя асобы, якія пражываюць сумесна з удзельнікам крымінальнага працэсу і вядуць зь ім супольную гаспадарку; блізкія сваякі - бацькі, дзеці, усынаўляльнікі і усынаўлёныя, родныя браты і сёстры, унукі).

патрабуйце, каб вам распавялі пра сутнасьць крымінальнай справы, па якой вы выкліканыя, каб ня толькі назвалі артыкул крымінальнага кодэксу, але і растлумачылі ў дэталях, што значаць усе гэтыя фармулёўкі. На пачатку допыту вам прапануюць распавесьці ўсё вядомае па справе, што расьсьледуецца, таму вы мусіце ведаць сутнасьць справы. Па ходзе вашага расповеду і пасьля яго сьледчы можа задаваць дадатковыя пытаньні.

Навадныя пытаньні забароненыя, і вы не абавязаныя на іх адказваць. Напрыклад, сьледчы не павінен адразу запытвацца: «Дзе вы пазнаёміліся з Лукашэвічам?» альбо «Калі вам Лукашэвіч перадаў брашуру "Асновы бясьпекі жыцьцядзейнасьці"?» - гэтым пытаньням павінны папярэднічаць пытаньні кшталту «Ці знаёмыя вы асабіста з Аляксеем Лукашэвічам?» і, адпаведна, «Ці бачылі вы брашуру "Асновы бясьпекі жыцьцядзейнасьці"?». Адзначым, што ў выпадку пытаньняў пра знаёмства зь нейкім Лукашэвічам альбо Рабіновічам вы можаце адзначыць, што не разумееце, пра якую менавіта асобу з гэтым прозьвішчам вядзецца размова, альбо, ня выключана, ведаеце яго толькі візуальна. У гэтым выпадку сьледчы абавязаны паказаць вам для апазнаньня асобу (фатаздымак асобы), пра якую вядзецца размова, але не адну, а ў шэрагу іншых асобаў (фатаздымкаў іншых асобаў) - каб вы самі пазналі (альбо не пазналі) патрэбнага. Гэтая працэдура патрабуе запрашэньня панятых і афармляецца асобным пратаколам.

Запісаны ў пратакол расповед і адказы на пытаньні складаюць сьведчаньні асобы, якую дапытваюць.

пасьля свабоднага расповеду вы маеце права запісаць свае сьведчаньні ўласнаручна.

перад заканчэньнем допыту пратакол павінен быць прапанаваны вам для прачытаньня і падпісаньня. Пры гэтым вы маеце права ўносіць у яго любыя выпраўленьні і ўдакладненьні - таму ўважліва чытайце тэкст, можа, вы сказалі нешта лішняе. У любым выпадку пакуль вы не падпісалі пратакол, допыт ня скончаны. Таксама вы маеце права запісаць свае сьведчаньні ўласнаручна. Пры гэтым трэба рыхтавацца да таго, што сьледчы будзе імкнуцца ня даць вам пратаколу альбо даць яго толькі для падпісаньня - настойвайце на выкананьні сваіх правоў, чытайце пратакол уважліва, выпраўляйце памылкі сьледчага і ўласныя недакладнасьці. Пры гэтым вы можаце заўважыць, што нейкія вашыя словы шкодзяць вашым інтарэсам - не саромцеся іх выкрасліць, да падпісаньня пратаколу яны не зьяўляюцца вашымі сьведчаньнямі, скажыце сьледчаму: «Я гэтага не казаў» альбо «Вы мяне няправільна зразумелі». Натуральна, гэта будзе недаспадобы сьледчаму, але гэта - вашае права. Падпісвайце кожную старонку пратаколу асобна.

Часам сьледчыя запугваюць сьведак (а па палітычных справах амаль усе абвінавачаныя спачатку выступаюць як сьведкі) адказнасьцю за адмову ад дачы сьведчань няў (арт. 402 Крымінальнага кодэксу) альбо за наўмысна ілжывыя сьведчаньні (арт. 401 Крымінальнага кодэксу). Гэтых пагрозаў баяцца ня трэба. Па-першае, цяжка даказаць, што вы наўмысна хлусілі, а не памыляліся з прычыны кепскай памяці. па-другое, адмова ад адказу на канкрэтнае пытаньне ў сувязі з прэзумпцыяй невінаватасьці не зьяўляецца адмовай ад дачы сьведчаньняў. І, нарэшце, трэба памятаць, што гэтыя артыкулы не прадугледжваюць пазбаўленьня волі і рэальна іх выкарыстаньне не пашыранае. Сьведка папярэджваецца пра інфармаванасьць пра гэтыя артыкулы пісьмовай падпіскай - і гэта хутчэй прыклад дазволенага законам псыхалягічнага ціску. На ўсялякі выпадак: акрамя згаданых артыкулаў, у Крымінальным кодэксе ёсьць яшчэ артыкул 394 «прымус да дачы сьведчаньняў», а таксама артыкул 395 «Фальсыфікацыя доказаў».

Допыт ня можа працягвацца больш за 4 гадзіны запар. На працягу дня чалавека можна дапытваць чатыры гадзіны, пасьля робіцца перапынак ня менш чым на адну гадзіну, пасьля допыт можа працягвацца далей, але агульная яго працягласьць ня можа быць болей за 8 гадзін.

Такім чынам, у допыт граюць удваёх:

Сьледчы - гэта, звычайна, дасьведчаны і навучаны прафэсіянал, які ведае ня толькі правілы працы, але і валодае адмысловымі хітрыкамі (кшталту «Вы вырабілі на хатняй друкарцы 2500 антыдзяржаўных улётак...» - «Вы што, толькі 200, і тыя рабіў ня дома, а на працы...»).

Насупраць сьледчага - вы, звычайны чалавек, які патрапіў у непрыемнае і нязвыклае становішча, не валодае досьведам паводзінаў падчас допытаў...

Сьледчы ведае сваю справу, таму дадзім парады Вам.

Не спрабуйце перайграць сьледчага. Вашая задача - не прайграць самому сабе і не нанесьці шкодаў таварышам і калегам.

Вельмі важна захоўваць пачуцьцё ўласнай годнасьці, не панікаваць, «прыгасіць» эмоцыі. Ня трэба займацца агітацыяй і выступаць, быццам вы на мітынгу.

Трэба памятаць, што ў вас на руках ёсьць як мінімум пяць козыраў:

1. Упэўненасьць у праваце ўласнай справы. Вы не вінаватыя. Вы займаецеся дзейнасьцю, карыснай для краіны і грамадзтва, для іншых людзей. Вам няма чаго саромецца і няма чаго баяцца. На самай справе вінаватыя тыя, хто з вашай дзейнасьці хоча зрабіць злачынства...

2. Элемэнтарнае веданьне сваіх правоў. Трэба памятаць, што нашае заканадаў ства ня ўтрымлівае ясных нормаў па барацьбе зь іншадумствам і апазыцыяй, а таму прынамсі на паперы грамадзянам гарантаваны пэўны аб'ём правоў і свабодаў. Гэта дазваляе нам ветліва настойваць на іх выкананьні, дазваляе карыстацца імі (напрыклад, прэзумпцыяй невінаватасьці). Гэта дысцыплінуе вашага суразмоўцу і вымушае яго пазьбягаць «выпадковага» парушэньня вашых правоў. І менавіта з гэтай прычыны трэба адмаўляцца ад прапановаў сьледчага перавесьці гутарку ў нефармальнае рэчышча. Не саромцеся патрабаваць выкананьня сваіх правоў.

3. Здаровы сэнс. Заставайцеся самім сабой, не губляйце ўпэўненасьці, будзьце спакойныя, нешматслоўныя, ветлівыя і разважлівыя. Не сьпяшайцеся з адказамі. Думайце над тым, што кажаце, старайцеся не хлусіць, але ня бойцеся перапытваць і цягнуць час. Памятайце пра свае правы. Калі вы адчуваеце сябе зусім няёмка, паспрабуйце перанесьці допыт, спашліцеся на кепскае самаадчуваньне. Папрасіцеся ў прыбіральню.

4. Падрыхтуйцеся да несправядлівых і неправавых дзеяньняў у адносінах да вас. Супрацоўнікі «праваахоўных» органаў, у прынцыпе, павінны выконваць нормы закону, але часам яны пра гэта забываюцца - няхай гэта ня будзе для вас нечаканасьцю.

На лаянку, пагрозы не рэагуйце як на небясьпеку - звычайна гэта проста стыль працы і тактычныя крокі. Пакуль што катаваньні па палітычных матывах застаюцца ў нашых «праваахоўных» органаў выключэньнем. Калі вам пагражаюць альбо хамяць, трэба:

а) адзначыць, што сьледчы парушае заканадаўства, і патрабаваць занесьці гэта ў пратакол (альбо адзначыць, што занесяце гэта ў пратакол уласнаручна), калі сьледчы не супакоіцца - трэба адмовіцца адказваць на пытаньні;

б) зрабіць адзнаку ў пратаколе;

в) пасьля допыту падаць скаргу пракурору.

пры спробах фізычнага ўзьдзеяньня (гэта рэдка здараецца ў сьледчага, у КДБ альбо ў пракуратуры, а вось у міліцыянтаў зьяўляецца вельмі пашыранай практыкай) - трэба шумець, крычаць, інсцэнаваць сардэчны прыступ, патрабаваць пэўны від таблетак. Фізычнага супраціву аказваць ня варта. Адразу пасьля катаваньняў трэба пісаць скаргу пракурору, найлепей з пазначэньнем прозьвічшаў злачынцаў.

5. Памятайце асноўны прынцып правасудзьдзя - прэзумпцыю невінаватасьці. У вас ёсьць права адмовіцца ад дачы сьведчаньняў супраць самога сябе, сваіх блізкіх, сваякоў і чальцоў сваёй сям'і (арт. 27 Канстытуцыі). Пры гэтым тлумачыць, чаму вы лічыце гэткія сьведчаньні скіраванымі супраць сябе, вы не абавязаныя. Лепей скарыстацца гэтым прынцыпам, чым хлусіць.

Трэба казаць як мага менш, лепей сказаць толькі частку праўды. Не кажыце таго, пра што вас не пытаюць. Адкрытыя і падрабязныя сьведчаньні па палітычных справах даюць сьледчым шмат інфармацыі, якая пасьля выкарыстоўваецца ў іншых справах альбо ў апэратыўнай дзейнасьці. Ня трэба сьпяшацца, ня трэба канфліктаваць зь сьледчым без патрэбы.

памятайце: сьледчы грае ролю, ён выкарыстоўвае разнастайныя псыхалягічныя прыёмы - яго гэтаму вучылі. Вы таксама можаце паспрабаваць сыграць ролю «прастака», «выпадковага дурня» альбо «зацятага барацьбіта» - але вас гэтаму не вучылі і наўрад ці ў вас атрымаецца. Таму заставайцеся самі сабой і ня верце сьледчаму.

Асобнае пытаньне - наколькі асьвятляць у сьведчаньнях дзейнасьць вашай арганізацыі. Тут трэба кіравацца прынцыпам даваньня інфармацыі па-мінімуме. Калі арганізацыя зарэгістраваная («легальная»), вам трэба казаць толькі пра легальную частку дзейнасьці, якая зафіксаваная ў паперах, даступных для вывучэньня дзяржаўным чыноўнікам. Калі арганізацыя незарэгістраваная - лепей за ўсё ўвогуле не прызнаваць яе існаваньня.

Што рабіць, калі адбываецца вочная стаўка?

Вочная стаўка - фактычна адначасовы допыт двух чалавек. Звычайна адзін альбо абодва зь іх ужо далі сьведчаньні. Магчыма, вас хочуць злавіць на супярэчнасьцях альбо на хлусьні - будзьце псыхалягічна гатовыя да гэтага. Лепей на вочную стаўку ісьці з адвакатам.

На вочнай стаўцы можна:

а) пацьвярджаць тое, што кажа ваш візаві, - калі гэта вам і іншым на карысьць;

б) адмаўляцца, калі адчуваеце небясьпеку, - ваш таварыш, магчыма, ужо «зламаны» альбо «раскалоўся»;

в) можна пацьвердзіць свае ранейшыя сьведчаньні альбо «скарэктаваць» іх, калі вы адчуваеце, што гэта на вашую карысьць. У апошнім выпадку ня трэба казаць: «Я тады хлусіў», - а трэба казаць: «Я тады недакладна сказаў», «Я тады забыўся», «Цяпер я прыгадаў...»

У любым выпадку, вочная стаўка - складаная псыхалягічня працэдура. Менавіта для таго, каб яна не ператваралася ў псыхалягічную драму, карысна, каб прысутнічаў адвакат і вяртаў яе ў прававое рэчышча.

Што рабіць, калі патрабуюць дагляду аўтамабіля?

Варыянты дзеяньняў:

- Даць даглядзець аўтамабіль без аніякіх перашкодаў. Гэта самы кепскі варыянт: нават калі вы ўпэўненыя, што вам нічога не пагражае, міліцыянты могуць падкінуць у аўтамабіоль наркотыкі альбо зброю. Таму лепей карыстацца іншым варыянтам.

- патрабаваць складаньня пратаколу агляду з удзелам панятых. Вельмі часта людзі гэтага не патрабуюць, паколькі ня хочуць марнаваць час і ўпэўненыя ў сваёй невінаватасьці, - гэта памылковая стратэгія. Крымінальны перасьлед палітычнага зьняволенага Міхаіла Марыніча распачаўся менавіта з дагляду аўтамабіля.

- Зачыніцца ў аўтамабілі і не падпарадкоўвацца. Гэта адкрытае непадпарадкаваньне міліцыянтам, і яно караецца ў адміністрацыйным парадку. Таму гэткую тактыку трэба выкарыстоўваць толькі тады, калі ў гэтым ёсьць відавочны сэнс - выйграць час для сыходу іншага чалавека, у якога знаходзяцца патрэбныя дакумэнты, альбо патэлефанаваць праз мабільны тэлефон і папярэдзіць калегаў пра напад. У любым выпадку гэта небясьпечны сродак непадпарадкаваньня.

Таму найбольш мэтазгоднай стратэгіяй зьяўляецца наступная:

Кажыце: «Згодны на правядзеньне дагляду. У мяне няма пярэчаньняў, адразу ж адчыню аўтамабіль, як толькі вы распачняце афармленьне пратаколу дагляду ўва ўстаноўленым парадку».

Калі будуць настойваць на правядзеньні дагляду без пратаколу - трэба адзначаць незаконнасьць іх дзеяньняў. Калі і гэта не дапаможа, трэба запатрабаваць паказу службовых пасьведчаньняў, перапісаць зь іх прозьвішчы і пасады міліцыянтаў - для далейшага абскарджаньня. Калі і гэта не дапамагае - трэба адчыніць машыну, але потым абавязкова падаць скаргу на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, з пазначэньнем дакладнага часу інцыдэнту, нумару машыны і прозьвішчаў міліцыянтаў. Калі мы ня пішам скаргаў - яны, беспакараныя, становяцца нахабнымі. Фізычнага супраціву аказваць ня варта.

Важна таксама глядзець, хто патрабуе дагляду аўтамабіля. Гэта могуць быць даішнікі, міліцыянты, кадэбэшнікі, сьледчыя па нейкай крымінальнай справе, мытнікі падчас пераходу мяжы. Калі дагляду патрабуе нехта іншы - можна не падпарадкоўвацца.

Дагляд аўтамабіля пры перасячэньні мяжы - асобная справа. Ён можа дайсьці нават да разьбіраньня аўтамабіля на запчасткі. Таму яшчэ раз адзначым, што празь мяжу па магчымасьці трэба йсьці «чыстым» - ня мець пры сабе каштоўных дакумэнтаў, важных носьбітаў інфармацыі альбо буйных сумаў грошай.

Часам міліцыянты робяць засады каля офісаў і патрабуюць дагляду аўтамабіля таго чалавека, які выйшаў з офісу. У гэтым выпадку таксама варта патрабаваць складаньня пратаколу дагляду аўтамабіля нават тады, калі ў ім няма нічога. Такім чынам вашыя калегі ў офісе могуць пасьпець зьнішчыць дакумэнты альбо адкарэктаваць сваю дзейнасьць.

Правы і абавязкі падчас сьледзтва

Трэба адрозьніваць крымінальнае сьледзтва ад адміністрацыйнага перасьледу. Дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў - адміністрацыйнае правапару шэньне, якое ня можа быць прычынай такіх сьледчых дзеяньняў, як вобшук, допыт і інш.

Сьледчыя дзеяньні могуць мець месца толькі ў выпадку ўжо ўзбуджанай крымінальнай справы. Аб'ём правоў і абавязкаў падчас сьледзтва залежыць ад таго, у якім статусе знаходзіцца асоба: яна можа быць пацярпелым, сьведкам, падазроным альбо абвінавачаным.

Падазроным зьяўляецца асоба, якая была затрыманая па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні злачынства альбо ў адносінах да якой узбуджаная крымінальная справа, ужытыя меры стрыманьня (напрыклад, падпіска пра нявыезд) ці вынесеная пастанова аб прыцягненьні да адказнасьці ў якасьці падазронага. Абвінавачаным зьяўляецца асоба, у дачыненьні да якой вынесеная пастанова аб прыцягненьні ў якасьці абвінавачанага.

Галоўнае права абвінавачанага і падазронага падчас сьледзтва - права на юрыдычную дапамогу для абароны. Згодна з артыкулам 62 Канстытуцыі, вы маеце права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага самакіраваньня, на прадпрыемствах, ува ўстановах, арганізацыях, грамадзкіх аб'яднаньнях і ў стасунках з службовымі асобамі і грамадзянамі. Аднак парадак прадстаўніцтва падчас крымінальнага сьледзтва рэгулюецца крымінальна-працэсуальным кодэксам, які абмяжоўвае кола прадстаўнікоў: «прадстаўнікі - блізкія сваякі, чальцы сям'і пацярпелага, грамадзянскага істца, грамадзянскага адказчыка, законныя прадстаўнікі; адвакаты, прадстаўнікі прафсаюзных і іншых грамадзкіх аб'яднаньняў, а таксама іншыя асобы, дапушчаныя да ўдзелу ў крымінальнай справе з дазволу органу, які вядзе крымінальны працэс». Законныя прадстаўнікі прызначаюцца непаўналетнім. Рэальна абвінавачаны альбо падазроны можа карыстацца юрыдычнай дапамогай і прадстаўніцтвам адваката альбо свайго блізкага сваяка. Памятайце, што заявіць свайго блізкага сваяка ў якасьці абаронцы вы можаце толькі да таго, як вы вырашылі карыстацца дапамогай адваката. Гэта значыць, што хадайніцтва пра дапушчэньне ў працэс блізкага сваяка трэба заявіць да прызначэньня адваката. Прызначэньне ў якасьці абаронцы блізкага сваяка ў далейшым не перашкаджае прызначэньню аднаго альбо некалькіх адвакатаў.

На ўсе сьледчыя дзеяньні трэба зьяўляцца з сваім адвакатам альбо прадстаўніком зь ліку блізкіх сваякоў. Калі сьледчы альбо пракурор адмаўляецца дапусьціць прадстаўніка да ўдзелу ў сьледчым дзеяньні, трэба адмаўляцца ад будзь-якога супрацоўніцтва з спасылкай на парушэньне вашага канстытуцыйнага права (у тым ліку можна адмовіцца ад дачы паказаньняў у якасьці сьведкі). Гэткія дзеяньні трэба абскарджваць начальніку, пракурору, вышэйстаячаму пракурору альбо ў суд.

Асноўныя правы абвінавачанага і/альбо падазронага падчас сьледзтва:

падпарадкоўвацца законным распараджэньням сьледчага альбо пракурора - ваш абавязак. Вось тут і патрэбная юрыдычная дапамога адваката альбо прадстаўніка - вызначыць, ці былі распараджэньні законнымі.

Заўважым, што вельмі часта сьледчыя прыцягваюць людзей спачатку ў якасьці сьведкаў, а пазьней робяць іх абвінавачанымі. Таму сьведку важна памятаць пра права ня сьведчыць супраць сябе.

Сьведка абавязаны зьяўляцца па выкліках органу, які вядзе крымінальны працэс, праўдзіва адказваць на пытаньні сьледзтва, не выдаваць матэрыялаў сьледзтва (калі ён пра гэта быў папярэджаны сьледчым). Сьведка мае права адмовіцца ад дачы сьведчаньняў супраць сябе, чальцоў сваёй сям'і і блізкіх сваякоў; запісваць свае сьведчаньні ўласнаручна; атрымліваць кампэнсацыю выдаткаў, панесеных у выніку ўдзелу ў крымінальнай справе; заяўляць адвод перакладчыку; заяўляць хадайніцтвы і падаваць скаргі на дзеяньні органу, які вядзе крымінальны працэс. Сьведка ня можа быць прымусова падвергнуты экспэртызе.

Як карыстацца правам на абарону?

Зьвярнуцца па парады і тлумачэньні да знаёмага юрыста, да адваката, у праваабарончую арганізацыю.

Імкнуцца не размаўляць зь сьледчым і ня ўдзельнічаць у сьледчых дзеяньнях без адваката альбо прадстаўніка.

Калі вам аб'яўлена аб прыцягненьні ў якасьці падазронага альбо вас затрымалі ці ўзялі пад варту - у першую чаргу (да першага допыту!) трэба патрабаваць адваката (няхай сабе і бясплатнага) для першай юрыдычнай кансультацыі. У гэты момант вы маеце права патрабаваць (і вам абавязаныя даць) пісьмовы пералік вашых правоў. Трэба ўважліва вывучыць гэтую паперу, і калі нешта незразумела - патрабуйце тлумачэньняў.

патрабуйце занясеньня ў пратаколы кожнага з вашых пярэчаньняў адносна незаконных, на ваш погляд, дзеяньняў сьледчага. Нават калі вы ня ўпэўненыя, што дзеяньні сьледчага незаконныя, - пярэчце! перад падпісаньнем пратаколаў пішыце ў іх свае заўвагі і заявы наконт правільнасьці і паўнаты запісаў у пратаколе, наконт абставінаў, якія, на ваш погляд, павінны быць адлюстраваныя ў пратаколе.

Абскарджвайце пракурору і ў суд дзеяньні і рашэньні органу, які вядзе крымінальны працэс.

У вас ёсьць права мець аднаго альбо некалькіх адвакатаў (былі б грошы), карыстацца паслугамі бясплатнага адваката, аднак раім напачатку, не адмаўляючыся ад адваката, дамагчыся допуску ў працэс у якасьці абаронцы блізкага сваяка.

Ад паслугаў адваката, калі вас не задавольвае якасьць ягонай працы, можна адмовіцца, замяніць гэтага адваката на іншага.